20 кастрычніка 2018 г. — 285 гадоў з дня нараджэння Адама Тадэвуша Станіслава Нарушэвіча (1733–1796), гісторыка, паэта, асветніка, перакладчыка, рэлігійнага дзеяча
Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1733 г. каля мястэчка Лагішын Пінскага павета Берасцейскага ваяводства (цяпер Пінскі раён Брэсцкай вобласці), быў пахрышчаны ў Лагішыне як Адам Тадэвуш, з 1781 г. называўся Станіславам. Быў выхадцам са збяднелай шляхецкай сям’і. Выхаванне атрымаў у Пінскім езуіцкім калегіуме (1748), у пятнаццаць гадоў быў прыпісаны да гэтага ордэна. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ліёне (Францыя) у 1758–1762 гг., пасля заканчэння быў назначаны адным з чатырох прафесараў лацінскай славеснасці ў Віленскай акадэміі.
2018 г. — 150 гадоў з дня нараджэння Генрыха Генрыхавіча Скірмунта (1868–1939), польскага паэта, кампазітара, грамадскага дзеяча, акадэміка Акадэміі ведаў у Кракаве
Генрых Скірмунт нарадзіўся ў 1868 г. у в. Моладава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Належаў да старажытнага шляхецкага роду Скірмунтаў, які валодаў землямі на Пінскім Палессі, маёнткамі ў Моладаве, Парэччы і інш. Быў сынам Генрыха Скірмунта (1836–1916) і Марыі Твардоўскай, малодшым братам Канстанціна Скірмунта (1866–1949), польскага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата.
12 лістапада 2018 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Леаніда Іванавіча Пранчака (1958), паэта, журналіста, драматурга
Леанід Іванавіч Пранчак нарадзіўся 12 лістапада 1958 г. у вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Навасёлкаўскую сярэднюю школу, факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1981), Мінскі лінгвістычны інстытут (1999), вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР (1988–1991).
1 снежня 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Чумачэнкі (1918–1941), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта
Іван Іванавіч Чумачэнка нарадзіўся 1 снежня 1918 г. у вёсцы Курманы Сумскага павета Харкаўскай губерні (цяпер Недрыгайлаўскага раёна Сумскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку, потым рабфак, паступіў у Сумскі педагагічны інстытут. У 1938 г. закончыў інстытут, атрымаў накіраванне на работу школьным настаўнікам у г. Казалінск, што ў Казахстане.
2018 г. — 200 гадоў з часу наведвання Пятром Андрэевічам Вяземскім (1792–1878), рускім паэтам і крытыкам, дзяржаўным дзеячам, г. Брэст-Літоўска (1818)
Пётр Андрэевіч Вяземскі нарадзіўся 12 ліпеня 1792 г. у Маскве, належаў да старажытнага роду Вяземскіх. Гадаваўся ў падмаскоўным сяле Астаф’ева, дзе на пачатку ХІХ ст. быў узведзены сядзібны дом, які стаў адным з культурных цэнтраў Расіі. Пётр Вяземскі атрымаў цудоўную дамашнюю адукацыю, у 1805–1806 гг. вучыўся ў Пецярбургскім езуіцкім пансіёне і пансіёне пры Педагагічным інстытуце. Паступіў на службу ў Межавую канцылярыю юнкерам. У дзевятнаццаць гадоў ажаніўся на княжне Веры Фёдараўне Гагарынай, у сям’і нарадзіліся восем дзяцей.
19 лiстапада 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Арцёмавiча) Засiма (1908–1957), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта
Мікалай Арцёмавіч Засім нарадзіўся 19 лістапада 1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай i беднай сялянскай сям’і. Бацька працаваў на будаўніцтве чыгункі. У час Першай сусветнай вайны з бацькамі эвакуіраваўся ў Саратаўскую губерню, на радзіму Засімы вярнуліся ў 1921 г. Мікола Засім вучыўся спачатку ў рускай школе ў в. Папоўка каля Саратава, а пасля вяртання на родную Пружаншчыну скончыў сямікласную польскую школу.
3 ліпеня 2018 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Ільі Міронава (Ільі Міронавіча Лазейкі; 1958), паэта
Ілья Міронаў (Ілья Міронавіч Лазейка) нарадзіўся 3 ліпеня 1958 г. у пасёлку Рэчыца Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Тут прайшлі яго дзіцячыя і школьныя годы. Пасля заканчэння Рэчыцкай СШ у 1975 г. паступіў на гідратэхнічны факультэт Украінскага інстытута інжынераў воднай гаспадаркі.
11 красавіка 2018 г. — 210 гадоў з дня нараджэння Леана Зянковіча (1808–1870), польскага паэта, публіцыста, мемуарыста
Леан Зянковіч (LeonZienkowicz) нарадзіўся 11 красавіка 1808 года ў маёнтку Ляхі Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Ляхі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і дробнага шляхціча. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, там жа навучаўся яго брат Павал (Павел) Зянковіч.
22 мая 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Федзюковіча (1943–1997), паэта, перакладчыка
Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч нарадзіўся 22 мая 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Мікалай Іванавіч Федзюковіч, загінуў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну, маці, Ксенія Пракопаўна, працавала ў калгасе.
7 сакавіка 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Алы Канстанцінаўны Кабаковіч-Тычына (1943–1985), літаратуразнаўцы, паэтэсы, перакладчыцы
Ала Канстанцінаўна Кабаковіч-Тычына нарадзілася 7 сакавіка 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Канстанцін Карпавіч Кабаковіч, у пошуках заробку ў 1930-я гады ездзіў у Аргенціну, у ліпені 1942 года быў расстраляны гітлераўцамі як камуніст і партызан. Маці, Надзея Сяргееўна Замкавец, працавала ў калгасе. Дзяўчынка расла сіратой, была ўражлівай, чулая да людскога болю, удзячная да самага малога выяўлення ўвагі. Ала Кабаковіч у 1959 годзе з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 годзе з адзнакай закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.